Знаменитые выпускники

Міхась КАЗЛОЎСКІ

Міхась Казлоўскі (Міхаіл Міхайлавіч Казлоўскі) – грамадскі дзеяч, крытык, публіцыст, рэдактар, выдавец. Нарадзіўся 9 лютага 1960 г., у в. Быкі (зараз Рабінавая) Маладзечанскага раёна ў сялянскай сям’і. Рана застаўся сіратой. Калі Міхасю было 4 гады, трагічна загінуў яго бацька, Міхаіл Іосіфавіч, які працаваў машыністам торфабрыкетнай машыны на ТБЗ “Беразінскае”. З 1967 па 1975 гг. Міхась Казлоўскі вучыўся ў Літвянскай васьмігадовай школе, а ў 1977 г. закончыў Палачанскую сярэднюю школу.

Працаваў рабочым на заводзе “Спадарожнік” у Маладзечне, навуковым супрацоўнікам Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, кіраўніком клуба ў Цэнтры эстэтычнага выхавання г. Маладзечна. 3 2000 года з’яўляецца метадыстам Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. З маладых гадоў актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. З’яўляецца заснавальнікам клуба беларускай патрыятычнай моладзі «Беларуская хатка», які існаваў у Маладзечне з 1982 па 1987гг., мастацкай гасцёўні Я. Драздовіча (1983 г.), літаратурнага музея  У. Караткевіча ў Маладзечне (1984 г.), адзін са стваральнікаў гісторыка-краязнаўчага аб'яднання «Крывіч», арганізатар і першы старшыня Маладзечанскага аддзела Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Супольна з мастаком Ю.Герасіменка-Жызнеўскім выпусціў у свет 2 значкі, прысвечаныя памяці Я.Драздовіча і У.Караткевіча. Міхась Казлоўскі з’яўляецца заснавальнікам і рэдактарам гісторыка-краязнаўчага і літаратурна-мастацкага альманаха «Куфэрак Віленшчыны», які з 2000 г. выходзіць у Маладзечне. Друкуецца на старонках “Маладзечанскай газеты”, “Рэгіянальнай газеты”, “Літаратуры і мастацтва”,”Культуры”, “Нашай веры” і іншых перыядычных выданняў пад уласным прозвішчам і псеўданімамі Міхась Валькоўскі, Язэп Рокаш, Янка Бабёр.

Пад яго рэдакцыяй выйшлі кнігі паэзіі, прозы і краязнаўчай публіцыстыкі, шэраг паштовак, прысвечаных дзеячам беларускай культуры. Аўтар і ўкладальнік старонак «Куфэрак» у тыднёвіку «Рэгіянальная газета». Аўтар шматлікіх краязнаўчых публікацый, рэцэнзій у перыядычных выданнях. Аўтар кніг “Галасы разбуджаных птушак” (2006 г.), “Нашчадак слаўных крывічоў” (2008 г.), “Некропаль Віленскага краю”, “Пра кніжнікаў і кнігі” (2010 г.), “Да кніжных скарбаў дакрануся” (2011 г.), “Бацькаўшчыны светлае крыло” (2013 г.), і інш.

З’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Пасля таго, як пайшлі з жыцця гісторык Мікола Ермаловіч і доктар гістарычных навук Генадзь Каханоўскі, краязнаўца Міхась Казлоўскі працягвае гістарычна-краязнаўчую справу.

Падарожжы па роднай зямлі з Міхасём Казлоўскім

Ад душы параім чытачам, асабліва дзецям і настаўнікам: чытайце уважліва, зберагайце газетныя старонкі, бо серыя матэрыялаў друкуецца ў нашай газеце ўпершыню, і потым вы нідзе не знойдзеце такога збору інфармацыі аб сваёй малой радзіме — у кароткай, жывой, цікавай форме. Каб праект убачыў свет, каб вы маглі даведацца аб тым, чаго не ведаеце пра сваю зямлю, і ў падзеях і асобах уваскрасіць гісторыю Маладзечна, нашым экскурсаводам пагадзіўся стаць Міхась Казлоўскі — краязнаўца, пісьменнік, бібліёграф, чалавек надзвычай дасведчаны і вельмі заняты. 

Па нашай просьбе ён адклаў свае шматлікія справы і падзяліўся найцікавейшым матэрыялам, за што вялікая яму ўдзячнасць ад рэдакцыі і мнагатысячнай аўдыторыі нашых чытачоў. І вось выбраны дзень для нашага падарожжа па Маладзечне. Мы разам вандруем па цэнтральных вуліцах і ўскраінных завулках, месім снег, на які расшчодрылася сёлетняя зіма, і за яскравым расповедам Міхася Міхасевіча на фоне такіх звыклых мясцовых пейзажаў ажываюць падзеі, постаці, карціны даўніны. Як іх, аказваецца, многа звязана з нашым сціплым краем! Я нават сама сабе зайздрошчу — колькі даведалася цікавага! Здаецца, слухала б і слухала...

— Наша галоўная каштоўнасць — людзі, факты і унікальныя традыцыі школьніцтва. Архітэктурнымі помнікамі Маладзечна не можа пахваліцца, а вось гэтага матэрыялу дык надзвычай багата. Ён, на жаль, забываецца, страчваецца, з кожным годам адыходзіць некуды ў глыб часу, таму трэба «кансерваваць» — паўтараць, друкаваць, асвяжаць у памяці людзей, а тым, хто не ведаў, — расказваць. На гэта не шкадую часу...

Анжаліка Крупянькова, "МГ”

Сустрэча з М. Казлоўскiм

04.02.2015 г. адбылася значная падзея ў жыцці Палачанскай СШ – творчая сустрэча з Міхасём Міхайлавічам Казлоўскім, членам саюза пісьменнікаў Беларусі, краязнаўцам, даследчыкам, выдаўцом. Сустрэча адбылася ў рамках школьнага праекта “Знакамітыя выпускнікі”, а таксама акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Міхась Міхайлавіч Казлоўскі – выпускнік Палачанскай СШ (1977 г.). Вучням і настаўнікам было цікава на сустрэчы даведацца пра незабыўныя старонкі дзяцінства, вучобы славутага земляка, якія прайшлі на Палачанскай зямлі. Таксама Міхась Міхайлавіч расказаў пра сваю творчую дзейнасць і прэзентаваў (упершыню!) падрыхтаваны ім зборнік “Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак”.

Вучні 9, 10, 11 класаў падрыхтавалі пытанні для інтэрв’ю са знакамітым выпускніком. Прыемна, што такое значнае для нашай ўстановы мерапрыемства адылося ў Год моладзі, аб’яўленым у 2015 годзе!

Сустрэча з М. Казлоўскiм

20 мая 2015 Палачанская сярэдняя школа сустракала дарагіх гасцей. У рамках рэалізацыі праекта “Знакамітыя выпускнікі” адбылася чарговая творчая сустрэча з Міхасём Міхайлавічам Казлоўскім і маладзечанскімі пісьменнікамі Г.У. Асіповіч і А.А.Хазяніным. Ва ўтульным кабінеце беларускай мовы і літаратуры гучалі пранікнёныя радкі пра шчасце і добрых людзей, пра школу і настаўнікаў, пра родную вёску і пра любоў да вялікай Радзімы. Вельмі прыемна і ганарова для нас, настаўнікаў і вучняў Палачанскай школы, што Міхась Міхайлавіч заўсёды знойдзе час, каб завітаць у родную школу, адгарнуць для нас часта невядомыя старонкі гісторыі і культуры нашай малой радзімы, пазнаёміць з выдатнымі людзьмі, а яшчэ і пакіне ў падарунак пару-другую цудоўных кніг і паабяцае новую цікавую сустрэчу. Напэўна, таму і запомніліся нам яго словы, звернутыя да вучняў: “Камп’ютар дае гатовую інфармацыю, а адказы на пытанні душы вы знойдзеце толькі ў кнігах.”